ЖО́РСТКАСЦЬ ВАДЫ́,

сукупнасць уласцівасцей прыроднай вады, якія абумоўлены наяўнасцю раствораных у ёй солей кальцыю Ca і магнію Mg. Адрозніваюць карбанатную (часовую, ліквідуюць кіпячэннем) і некарбанатную (пастаянную), якія разам складаюць агульную Ж.в. (сума канцэнтрацый катыёнаў Ca​2+ i Mg​2+).

Карбанатная Ж.в. выклікана прысутнасцю гідракарбанатаў, некарбанатная — сульфатаў, хларыдаў, сілікатаў, нітратаў, фасфатаў кальцыю і магнію. Выкарыстанне жорсткай вады прыводзіць да ўтварэння накіпу ў паравых катлах, абагравальных прыладах, павялічвае расход мыла пры мыцці, ускладняе варку агародніны і мяса. Памяншаюць Ж.в. вапнава-содавым метадам (дабаўленне вапны і соды) ці іонаабменнымі метадамі (гл. Іаніты).

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)